МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ,

арганізацыя буйных землеўласнікаў у 1876—1914. Працавалі 4 секцыі: агранамічная, жывёлагадоўлі, конегадоўлі і лясная. У распараджэнні т-ва знаходзілася туганавіцкае доследнае поле. Для даследаванняў выкарыстоўваліся гаспадаркі членаў т-ва, у маёнтках вывучаліся перадавыя с.-г. дасягненні. Вынікі практычнай работы абагульняліся ў навук. дакладах. Т-ва займалася нарыхтоўкамі і пастаўкамі збожжа ваен. ведамству і продажам ячменю піваварным з-дам Пецярбурга і Масквы. У 1896 пры т-ве створана лесаўпарадкавальнае бюро з аддзелам ляснога гандлю, у 1897 — камерцыйнае аддзяленне. Т-ва пастаўляла лясныя матэрыялы данецкім каменнавугальным шахтам, экспартавала лес, наладзіла гандл. зносіны з Варшавай па збыце масла і малочных прадуктаў, займалася ўпарадкаваннем мінскіх конскіх кірмашоў, стварэннем узорнага кірмашу на Залатой Горцы па продажы коней і інш. жывёлы. Па ініцыятыве т-ва арганізавана Мінскае земляробчае т-ва ўзаемнага страхавання, створаны суполка вінакурных заводчыкаў, акц. т-ва крухмала-патачнага з-да «Сокал» і лясная біржа. Т-ва наладзіла юбілейную с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі ў 1901, выстаўкі-кірмашы жывёлагадоўлі ў 1912.

З.В.Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)